ФІЗІЯЛАГІ́ЧНАЯ АКУ́СТЫКА, псіхафізіялагічная акустыка,

раздзел акустыкі, які вывучае фізіял. заканамернасці слыху, уласцівасці слыху органаў, а таксама фізіял. заканамернасці і механізмы гукаўтварэння ў чалавека і жывёл. Сумяшчае фіз. і фізіял. метады. Даследуе функцыі органаў гукаўтварэння (гартані, глоткі, вуснаў, зубоў) і аддзелаў вуха, што актуальна для прафілактыкі пашкоджанняў і лячэння слыхавых і гукаўтваральных органаў, канструявання слыхавых апаратаў, развіцця тэхн. сродкаў успрымання і ўзнаўлення гукаў маўлення, музыкі, распазнавання слыхавых вобразаў у кібернетыцы і інш.

На Беларусі даследаванні ў галіне Ф.а. вядуцца ў НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі.

І.​А.​Склют.

т. 16, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)